Турыстычны злёт 19-21 чэрвеня 2015 г.

01.07.2015

У межах XVIII круглагадовай спартакіяды сярод каманд КФК прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Савецкага раёна г. Гомеля з 19 па 21 чэрвеня 2015 года ў лясным масіве бліз санаторыя «Васільеўка» праходзіў традыцыйны для гэтага перыяду турыстычны злёт.

 

Як заўжды, праграма злёту была надзвычай цікавай і разнастайнай.

 

Пятнічную конкурсную праграму адкрывалі візітоўкі каманд. Нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю, каманда ААТ «Гомельскі хімічны завод» ужо з першага конкурсу уключылася ў барацьбу за прызавыя месцы, заняўшы пачэснае II месца. И ў гэтым безумоўная заслуга нашага харэографа – Мартынавай Настассі. 

 

Скончылася пятніца дыскатэкай і вечарам знаёмстваў.

 

Суботняя раніца пачалася з зарадкі. Адразу ж пасля ўрачыстага адкрыцця турыстычнага злёту пачаліся спаборніцтвы па пляжным валейболе і турызме. 

Нашую валейбольную каманду прадстаўлялі  Аксана Байда, Ігар Лягун і Яўген Мазго. Нажаль, удача была не на баку нашых хлопцаў і дзяўчат. Вынік – 6-е месца.

 

 

Каманду па турызме прадстаўлялі Вольга Харавец, Антаніна Каляда, Дзмітрый Прыходзька, Павел Кулага, Сяргей Спаднікайла  і  Сяргей Лажэвіч. У дадзеным відзе спаборніцтваў нашым хлопцам не было роўных. У асабістым заліку: I-е месца Вольга Харавец; I-е месца Сяргей Лажэвіч. У камандным заліку на турыстычнай паласе - I-е месца. У камандным заліку на кантрольна-турыстычным маршруце - II-е месца. Вынік – агульнае I-е месца.

 

А тым часам нежартоўная барацьба разгарнулася на кулінарным спаборніцтве. У гэтым конкурсе нашую каманду прадстаўлялі: Марына Качан, Аксана Сайкова, Кацярына Андрушкіна, Марына Сіроткіна, Настасся Мартынава, Марыя Лягун, Павел Курачкін, Ігар Лягун, Наталля Кашталян, Алег Балдыкоў, Яўген Мазго і інш. На суд журы была прадстаўлена амаль 1,5-метровая піцца і паўметровы гамбургер. Вынік – заслужанае I-е месца.

 

Дзякуючы Антаніне Калядзе і яе памочнікам мы занялі   I-е месца ў фотаконкурсе.

 

Дзякуючы Марыне Качан, Настассі Мартынавай, Марыне Сіроткінай, Наталлі Кашталян мы занялі   III-е месца ў конкурсе газет.

 

Кіданне яек… Нам ёсць, да чаго імкнуцца! Але Аксана Байда і Яўген Мазго ўсё роўна малайцы! Вынік – 6-е месца.

 

На «Вясёлых стартах», нягледзячы на ўпартасць нашай каманды і імкненне перамагчы, злы жарт згуляла надвор’е. Супраць нас альбо «за» нашых супернікаў быў вецер. адным словам – 5-е месца. Склад: Дзмітрый Уладзіміравіч Чарнякоў, Марыя Лягун,  Павел Курачкін, Настасся Мартынава, Аксана Байда, Іван Андрыеўскі.

 

Стральба з пнеўматычнага пісталета – 4-е месца. Прадстаўляў нашую каманду – дырэктар ААТ «Гомельскі хімічны завод» Дзмітрый Уладзіміравіч Чарнякоў.

 

Дартс – 5-е месца. Прадстаўлялі  каманду – Марыя Лягун і Павел Курачкін. Яны стараліся! Але гэта яшчэ адзін з відаў спорту, у якім шмат залежыць ад шанцавання.

 

Сканчаў суботнюю конкурсную праграму конкурс строяў «Моладзевы Fashion». Дзякуючы намаганням Аксаны Сайковай, Кацярыны Андрушкінай, Марыны Сіроткінай, Настассі Мартынавай, Марыны Качан, Вольгі Харавец, Наталлі Кашталян, Аксаны Байда, Дзмітрыя Прыходзькі, Паўла Кулагі, Алега Балдыкова, Міхаіла Газбенкі, Івана Андрыеўскага, Яўгена Мазго нашая каманда заняла II-е месца.

 

Культурная суботняя праграма скончылася дыскатэкай.

 

Нядзеля нас сустрэла сонечным надвор’ем і добрымі навінамі! Хаця інтрыга захоўвалася да апошняга моманту.

 

Вынікі па рэзультатах турыстычнага злёту:

I-е месца  – ААТ «Гомельскі хімічны завод»;

II-е меcца  – ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат»;

II-е месца  – Філіял РУП «Гомельэнерга» «Гомельскія цеплавыя сеткі».